25 кастрычніка на базе Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта адбыўся навучальны семінар-прэзентацыя для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры “Падрыхтоўка да алімпіяды”.
Семінар быў падрыхтаваны і праведзены загадчыкам кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Уладзімірам Іванавічам Куліковічам, аўтарам вучэбных дапаможнікаў для школ і ўстаноў вышэйшай адукацыі пры падтрымцы прыёмнай камісіі і бібліятэкі БДТУ.
Падчас правядзення семінара адбылася прэзентацыя кнігі У. І. Куліковіча “Дзённік алімпіёніка. Вып. 2”, а таксама былі дадзены практычныя рэкамендацыі адносна выканання вучнямі алімпіядных заданняў па беларускай мове.
У семінары прынялі ўдзел больш за 130 настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры школ і гімназій нашай краіны. Настаўнікамі былі адзначаны высокі ўзровень арганізацыі і правядзення семінара, актуальнасць агучаных практычных рэкамендацый і неабходнасць далейшага супрацоўніцтва у галіне распрацоўкі сучасных праграм і метадычнага забеспячэння для якаснай падрыхтоўкі вучняў па беларускай мове і літаратуры.
Адказны сакратар прыёмнай камісіі Пішчоў С.М. расказаў удзельнікам семінара аб асноўных напрамках адукацыйнай, навуковай, культурнай і выхаваўчай дзейнасці выкладчыкаў і студэнтаў БДТУ, а таксама прэзентаваў інфармацыйныя матэрыялы пра спецыяльнасці, асаблівасці прыёму для абітурыентаў.
Напрыканцы семінара перад настаўнікамі выступіў ансамбль “Акавіта”.
БДТУ выказвае падзяку ўдзельнікам семінара, а таксама жадае поспехаў і перамог вучням і настаўнікам на алімпіядах па беларускай мове і літаратуры!